Ніва № 24 (3605), 15 чэрвеня 2025 г.
Вішнёвы садВіктар САЗОНАЎСцяпана Вайшняровіча называлі ў вёсцы Маркізам. І ўсё з за вішнёвага саду. Засадзіў ён ім усе сорак сотак пасля вайны, якія калгас па міласці сваёй дазваляў людзям апрацоўваць ва ўласнай гаспадарцы. Каб не бунтавалі. Беларус жа ён такі, пакуль ёсць работа, не бунтуе. Няма калі. А паколькі нікому і ў галаву не магло прыйсці, што нехта можа звар’яцець аж настолькі, што ўсё засадзіць не бульбай, а вішнёвымі дрэвамі, то і недагледзелі. А так бы хто бы даў калгасніку права распараджацца сваёй зямелькай, як сам лічыць патрэбным. Ага! Далі б! — Дагналі б, і яшчэ раз далі б. Толькі ўжо мацней, — сцвярджаў Сцяпан, зыходзячы з жыццёвага досведу. Ну то як толькі вішні ўпершыню зачаравалі чалавечыя вочы веліччу свайго вясновага цвіцення, нехта з калгаснікаў і даў Сцяпану мянушку „Сад”. Ну а дзе „Сад”, там і „Маркіз дэ Сад”. Вяскоўцы на мянушкі народ кемлівы. А пасля, з часам, толькі „Маркіз” і засталося. — А мне дык падабаецца, — казаў Вайшняровіч. — Маркіз гэта ж вышэй нават, чым старшыня сельсавета. А калі Сцяпана пахавалі на вясковых могілках з правага боку ад уваходу, то аказалася, што мянушка „Маркіз” аніякіх арыстакратычных ушанаванняў яму не гарантавала нават у такі ўрачысты момант. Вяскоўцам пасля хіба што сорамна стала за тое, і яны, каб загладзіць віну, Маркізам сталі называць Сцяпанавага сына. Ды і звычка такая сялянская, мянушкі бацькоў на дзяцей вешаць. Ну а той можа з тае прычыны, ці (...) |