Ніва № 23 (3604), 8 чэрвеня 2025 г.
Радуніца — наша духоўнасцьМіхал ІВАНЮКНа пачатку гэтага года ў «Ніве» ад 16 лютага з’явіўся тэкст пра збор на платформе gronka.org грошай на захаванне і аднаўленне чатырох надмагільных помнікаў беларускім дзеячам Канстанціну Кісламу, Міколу Чарнецкаму, Лявону Богушу і Сяргею Богушу, пахаваным на праваслаўных могілках у Беластоку пры парафіі Усіх Святых. Збор перайшоў самыя смелыя чаканні арганізатараў, бо было сабрана больш за 8444 злотых, якія дазволяць аплаціць участкі для пахаванняў, капітальна адрамантаваць помнікі і размясціць таблічкі з QR-кодамі на бачных месцах. Адсканіраваўшы іх, можна зайсці на сайт могілак, дзе ёсць кароткая біяграфічная даведка на польскай і беларускай мовах пра тое, што пахаваныя людзі ўнеслі ў беларускую супольнасць. У якасці падзякі ахвярадаўцам і на завяршэнне збору быў праведзены шпацыр па могілках з краязнаўцам і экскурсаводам Аляксеем Трубкіным, каб ахвярадаўцы маглі больш даведацца пра гісторыю выдатных беларускіх дзеячаў. Шпацыр быў арганізаваны ў Велікодную нядзелю і быў як закрыццём адной ініцыятывы, так і пачаткам серыі сустрэч, разгорнутых у часе (26 красавіка — 18 траўня), прысвечаных святкаванням і значэнню Радуніцы, а таксама размове пра беларускую духоўнасць, міфалогію і яе ўплыў на мастацтва і культуру. Радуніца вядомая як веснавое памінанне памерлых, але таксама, у залежнасці ад рэгіёна, мае назвы Вялікадне мёртвых, Наўска Пасха, Пасха памерлых, а на Падляшшы можна сустрэць такія (...) |