Ніва № 22 (3603), 1 чэрвеня 2025 г.
Закаханы ў „Дзве душы”Уладзімір АРЛОЎАдшумелі Беластоцкі і Варшаўскі кніжныя кірмашы. Чытачы набывалі літаратурныя навінкі, пісьменнікі выступалі і давалі аўтографы. Гэтай прыемнай працаю давялося займацца і мне, у тым ліку пісаць пажаданні на тытульных старонках зусім свежай польскай версіі маіх „Танцаў над горадам”. У тыя кірмашовыя дні з удзячнасцю думалася пра перакладчыкаў. Ці трэба лішні раз казаць пра тое, якое выдатнае месца належыць ім у літаратурным працэсе? Падлічана, што сярэднестатыстычны еўрапейскі чытач перакладных кніг прачытвае прыблізна ў пяць разоў больш, чым твораў свайго айчыннага прыгожага пісьменства. Аднак ці заўсёды мы зважаем, дзякуючы каму на нашай мове загаварылі героі тома, які мы чытаем? А ці ведаем, хто пераўвасобіў на іншыя мовы шэдэўры ці адметныя творы беларускай літаратуры? Хтосьці з мэтраў сказаў, што перакладчык павінен быць як шкло — такім празрыстым, што яго не відаць. Якраз так, на маю думку, працуюць палякі Адам Паморскі і Багдан Задура (дзякуй ім за пераклад чатырох маіх кніг), Яанна Бэрнатовіч (нядаўна з яе дапамогай польскія чытачы атрымалі на сваёй мове „Доўгую дарогу дадому” Васіля Быкава). Бліскучыя пераклады з беларускай на англійскую належаць Веры Рыч і Джыму Дынглі. Гэты спіс можна доўжыць і доўжыць. Але сёння я хачу расказаць пра Норберта Рандава — не толькі майго перакладчыка, але і старэйшага сябра, чалавека незвычайнага лёсу, які ўжо развітаўся з гэтым светам ды працягвае (...) |