Ніва № 21 (3602), 25 мая 2025 г.
Мой герой Ромас КалантаУладзімір АРЛОЎУ Еўропе, прынамсі ва Усходняй, што пасля Другой сусветнай вайны больш за чатыры дзесяцігоддзі была пад савецкім ярмом, добра вядомае імя Яна Палаха. Гэты студэнт філасофскага факультэта Карлавага ўніверсітэта ў 1969 годзе здзейсніў самаспаленне на пражскай Вацлаўскай плошчы, пратэстуючы супроць уводу ў Чэхаславакію войск Савецкага Саюза і іншых краін Варшаўскай дамовы. Менш ведаюць пра юнака Ромаса Каланту, які праз тры гады ўчыніў тое самае ў Коўне на знак пратэсту супроць паняволення Літвы. Ромас стаў героем майго юнацтва. Але распавяду ўсё па парадку. У адказ на пытанне, што адбылося 14 траўня, дасведчаныя ў найноўшай айчыннай гісторыі людзі згадаюць ганебны і, як даўно даказана юрыстамі, нелегітымны рэферэндум 1995 года, пасля якога мы прачнуліся ў іншай краіне. Але ў маёй асабістай гісторыі гэты дзень пазначаны чорным каменем і з іншае прычыны. 14 траўня 1972 года ў Коўне ў скверы каля Музычнага тэатра, абліўшыся бензінам з трохлітровага слоіка і выгукнуўшы: «Свабоду Літве!», ператварыў сябе ў жывую паходню Ромас Каланта. У скверы цвілі чырвоныя цюльпаны. У тэатры якраз у гэты час ішоў спектакль для дзяцей «Дзяўчынка шукае казку». Ромас, які памёр ад апёкаў на досвітку 15 траўня, шукаў свабоду. У краіне, дзе мы нарадзіліся, свабода таксама была казкай. Яму споўнілася дзевятнаццаць, а мне да дзевятнаццаці заставалася тры месяцы — лета, якога ён ужо не (...) |