Ніва № 16 (3597), 20 красавіка 2025 г.
Вясковы карэспандэнт „Крыніцы”Сяргей ЧЫГРЫНБеларускі паэт, празаік, публіцыст, журналіст, выдавец, грамадска-палітычны дзеяч Уладыслаў Казлоўшчык (сапраўднае прозвішча Казлоўскі, 1898—1943) быў родам з вёскі Залессе Сакольскага павета. У 1916 годзе ён паступіў у Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. Падчас вучобы далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. Скончыў Віленскія беларускія настаўніцкія курсы ў 1919 годзе, пасля якіх спрабаваў на Сакольшчыне арганізаваць беларускія школы. Першыя творы Уладыслава Казлоўшчыка з’явіліся ў перыядычным друку ў 1920-х гадах. Гэта былі публіцыстычныя артыкулы на спартыўныя тэмы. Тады і выходзяць у свет яго першыя кнігі „Фізычнае выхаванне грамадзянства” (1927) і „Аб фізычным выхаванні ў беларусаў” (1928). У 1930 годзе ён актыўна супрацоўнічаў з часопісам „Шлях моладзі”, дзе вёў рубрыку „Куток для спорту”. Сам пісаў спартыўныя артыкулы, рэпартажы і друкаваў на старонках гэтага часопіса. Значны рэзананс у той час мелі яго матэрыялы „Рухавыя гульні і ігры” (1930, № 3), „Аб нямецкай гімнастычнай сыстэме” (1930, № 5), „Ход-спацыр” (1930, № 6), „Плаваньне” (1930, № 7) і многія іншыя. Адначасова са спартыўнымі артыкуламі добра пісаліся і літаратурныя творы. З друку выходзяць яго кнігі „Беларускія народныя песьні з Сакольскага павету” (1930), „Плач Беларускай Старонкі — маткі па дзетках сваіх рэнегатах” (1930), вершаваны раман „Путы каханьня” (1932), зборнік паэзіі „Шляхам змаганьня” (1935), (...) |