Ніва № 11 (3592), 16 сакавіка 2025 г.
Шпацыр па здзічэлым лесе (2)Ганна КАНДРАЦЮКНібыта звычайны статак аленяў, мне аднак хацелася баяцца і думаць пра тыя прывіды, якія стагоддзямі высвятляліся «Пад крыжыкамі». Яны пакуль не атрымалі рацыянальнага паяснення, аднак жылі і дзейнічалі як генетычная памяць. Тыя, што прыбягалі да вёскі з навіной, не выклікалі сенсацыі, іх лічылі псеўдакалумбамі, якім давялося яшчэ раз адкрыць дзясяткі разоў ужо адкрытыя дзверы. І гэта дзейнічала як стабілізацыя нерваў, кожны чарговы прывід наводзіў одум і святы супакой, адчуванне, што свет яшчэ не вывернуўся дагары нагамі, што гісторыя перададзеная дзядамі-прадзедамі жыве і палохае, і лепш яе не аспрэчваць, не тыркацца са сваёй дзюбай у адвечнае і таемнае, бо толькі наклічаш шкоду, або яшчэ горшую пошасць. Мне нават стала сумна за дрывасекаў, якія разгасціліся ў заклятым месцы і толкам не прачыталі знакаў. Урочышча, як сігналіў назоў, усё яшчэ значылі два струхлелыя крыжы, ад якіх ужо абваліліся ніжнія праваслаўныя перакладзіны. У наваколлі не хапіла дзейсных людзей, каб аднавіць крыжы. Мне не хацелася верыць, што месца ўсё ж не згубіць свой метафізічны характар, што не зраўняецца з полем абсеяным кукурузай. * * * Праўда, гэта ўсё была прэлюдыя. Мне трэба было пратаптаць стары шлях, то-бок Нараўскую дарогу, якая вяла праз нетры здзічэлага лесу. Дарогу ўпамінаюць гістарычныя крыніцы ўжо ў шаснаццатым стагоддзі. Па ёй, як падказвае легенда, раней падарожнічаў сам кароль (...) |