Ніва № 10 (3591), 9 сакавіка 2025 г.
Беларусь — краіна пісьменнікаўУладзімір АРЛОЎБеларусь часам называюць краінай, якую стварылі людзі слова. Сапраўды, калі ў 1918 годзе нашы продкі зноў сталі народам дзяржаўным, цяпер ужо пад сваёй сучаснай назвай, велізарную ролю адыгралі палітыкі і грамадскія дзеячы, якія адначасова былі і літаратарамі. І надалей Беларусь жыла і будзе жыць, бо не памерла беларускае слова, наша мова, у захаванні якой неацэнная заслуга належыць пісьменнікам. Невыпадкова іх бязлітасна знішчалі ў сталінскія часы, цэнзуравалі і забаранялі ў гады брэжнеўскага застою. Добра вядома і пра стаўленне да беларускіх літаратараў сёння. 3 сакавіка ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень пісьменніка. Прапаную чытачам „Нівы” некалькі гістарычна-літаратурных партрэтаў сваіх калег. Сяргей Грахоўскі З гонарам думаючы пра нашых лаўрэатаў-набелістаў Святлану Алексіевіч і Алеся Бяляцкага (а ён не толькі праваабаронца, але і здатны літаратар), я міжвольна згадваю адзін забаўны выпадак з 1990-х. Неяк на пасяджэнні Рады нашага Саюза пісьменнікаў, неўзабаве пасля чарговага прысуджэння Нобелеўскай прэміі па літаратуры, зайшла гаворка пра тое, калі свой нарэшце набеліст з’явіцца і ў нас. І тут усіх здзівіў Янка Брыль: „А мы яго даўно маем!”. У адказ на неўразуменныя позіркі народны пісьменнік кіўнуў на прысутнага Сяргея Грахоўскага, які меў званне заслужанага работніка культуры Беларусі. Жарт ацанілі не адразу, і Брыль мусіў патлумачыць: „Ён, можа, (...) |