Ніва № 10 (3591), 9 сакавіка 2025 г.
Шпацыр па здзічэлым лесеГанна КАНДРАЦЮКІ гэта быў той досвед, калі цябе самі нясуць ногі і нейкі імператыў папіхае ў напрамку, які яшчэ канчаткова не высветліўся ў мазгах. Проста ідзеш, не дакранаючыся зямлі і адчуваеш, што здзейсніцца нешта жаданае або і наадварот, але яно дараванае адно для цябе, ды ніхто больш не мае права апынуцца побач, раздзяліць эмоцыі ці абараніць у выпадку небяспекі. Гэта дарога па слядах дзяцінства, самотны, рацыянальны маршрут, пазбаўлены летуценняў. Праверка памяці, ці можа пошук свабоды... Яшчэ перад тым, як залезу ў здзічэлую сярэдзіну лесу, бяру ў рукі здаровую дубіну. У вёсцы распавядаюць пра ваўкоў, ды так прыгожа і эмацыйна, што ад пачутага міжвольна шэрхне цела. Ісці і баяцца, о гэта маё! Брынчыць наручны паясок, апаратура сігналіць павышаны ціск. Здзіўляе, як працуе мая галава, мне ўсюды блізка як рукой падаць, уся прастора здаецца як на далоні, быццам змянілася адчуванне перспектывы і я ўжо адчуваю свет па-звярынаму, з іншымі нагамі, нюхам і трывожным дыхам. Мне нават здаецца што прабегчы 10-20 кіламетраў ніякі высілак, а проста здаровае існаванне. Іду, каб выкінуць з галавы назойлівыя думкі пра смерць блізкай мне асобы. * * * Жаданне схадзіць у здзічэлы лес падбіў яшчэ аповед мужчыны з ляснога хутара, які ў пачатку студзеня спыніўся ля хаты бацькоў. Ды замест павітацца, ён выгукнуў такое: — Добрэ вам жыці! І з ходу стаў наракаць на ваўкоў. Яны, калі казаць (...) |