Ніва № 08 (3589), 23 лютага 2025 г.
Паніка, рэальнасць і стрыманы аптымізмУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧЗаявы новага-старога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа наконт вайны ва Украіне і агульнай сітуацыі ў Еўропе за апошні тыдзень нарабілі столькі розгаласу, шуму і нават адчаю, што прамінуць гэта ніяк не выпадае. Дыскусіі і спрэчкі паміж знаёмымі, сябрамі, якія маюць адрозныя погляды на геапалітычную сітуацыю дасягнулі такога накалу, што рызыкуюць нават пасварыць ідэалагічна блізкіх людзей. Назіраю гэта ў тым ліку і ў беларускіх асяродках і кампаніях, таму паспрабую выказаць сваё бачанне, не спяшаючыся і на «халодную галаву» без навешвання ярлыкоў і пустых слоў, як гэта любяць вельмі многія зацятыя ненавіснікі Трампа. Разумею, што маё «адвакацтва» зусім непатрэбнае Беламу дому, але ж, спадарства, калі мы хочам нешта зразумець у цяперашняй палітыцы, то давайце разбірацца, спакойна ставіць простыя пытанні і шукаць на іх часам складаныя, а часам відавочныя адказы. Па-першае, тое што ўвага Еўропы зноў надзвычай прыцягнутая да вайны ва Украіне — гэта вельмі добра, бо яна — вайна — ужо стала адыходзіць на другі план. Па-другое, ні Амерыка, ні Еўропа не давалі столькі зброі, каб выгнаць расійцаў, а тым больш — захапіць Маскву. Няўжо да абрання Трампа прэзідэнтам украінскае войска ўпэўнена вяла пераможны наступ, а цяпер загадалі спыніцца? Ні байдэнаўская адміністрацыя, ні Еўрасаюз не ставілі і блізка заданне поўнасцю вызваліць Данбас і Крым. Так, яны не прызнавалі яго анексіі, але не больш. (...) |