Ніва № 06 (3587), 09 лютага 2025 г.
Беларусь: сучаснасць і будучыня (2)Міхал ІВАНЮК18 студзеня беларуская грамада Беластока сустрэлася з прадстаўнікамі руху „Вольная Беларусь” — з яго каардынатарам Зянонам Пазьняком і палітолагам Паўлам Усавым. Дакладчыкі засяродзіліся не толькі на сучасных праблемах, але і паспрабавалі прадставіць магчымыя сцэнарыі, якія паўплываюць не толькі на лёс Беларусі, але і ўсяго нашага рэгіёна. Пры тэме агрэсіі Расіі супраць Украіны і сцэнарыяў, якія могуць спыніць канфлікт, Зянон Пазьняк закрануў і беларускае пытанне. У перамовах паміж абодвума бакамі канфлікту трэба ўлічваць і ролю Беларусі, бо наступ на Кіеў вёўся і з беларускай тэрыторыі, таму Беларусь у міжнародным праве разглядаецца як суагрэсар. — Зараз у Беларусі ідзе гібрыдная вайна. Лукашэнка сапраўды проста выконвае загады і з’яўляецца прадстаўніком акупацыйнай адміністрацыі. Ён не мае вялікага ўплыву на міжнародную палітыку. Мы памятаем, што было ў 2020 годзе, калі мільёны чалавек выйшлі на акцыі пратэсту. Людзі разумеюць, што адбываецца, таму гэтая сітуацыя нестандартная. Вырашаць яе давядзецца дзякуючы абсалютна новым прававым нормам, якіх пакуль няма ў міжнародным праве. У гэтай сітуацыі на перамовах павінны прысутнічаць нашы людзі, якія не толькі маюць юрыдычную адукацыю, але і разумеюць, што наш нацыянальны інтарэс вышэй за ўсё. Там павінен быць не адзін чалавек, а цэлая каманда. Расія будзе прасоўваць Лукашэнку, таму што ён саюзнік Расіі і на дадзены момант мае рэальную (...) |