Ніва № 06 (3587), 09 лютага 2025 г.

Cудовая расправа «Пяцёх з Гайнаўкі»!

Ганна КАНДРАЦЮК

— Што тут скажаш? — горка ўздыхае Паўліна Сегень. — Плакаць хочацца! Яна здымае словы з маіх вуснаў, бо тое, што здарылася 28 студзеня ў Гайнаўцы, па сённяшні дзень здаецца кашмарным сном. Мова пра г.зв. «proces pięciu» — судовы разбор, які ніколі не павінен адбыцца. Я сама, калі сядзела з абвінавачанымі ў судовай залцы, адчувала сябе такой жа віноўніцай, як і падсудныя. Вось і з пад маёй рукі выйшлі рэпартажы пра адважных жанчын, якія зімой 2022 года пад покрывам ночы неслі дапамогу паўжывым мігрантам, не зважаючы на свае выгады і страх. Ніхто з нашых чытачоў не падумаў пра іх інакш, як з прызнаннем, бо ж процьма людзей спачувала і сама дапамагала ў бядзе падманутым прышэльцам.

Праўду кажучы, я спадзявалася, што пасля змены ўлады ў 2023 годзе абвінавачанне ў адрас валанцёраў будзе адмененае, а яны самі атрымаюць за свой учынак прызнанне і ўзнагароды. Мне хацелася плакаць і з за таго, што сярод падсудных апынулася гераіня маіх рэпартажаў Эва Мароз-Кечынская — яркая і заслужаная асоба ў жыцці беларускай меншасці.

* * *

У Гайнаўку прыязджаем гадзіну да суда. Згодна з планам у 10:30 пачнецца мітынг у падтрымку абвінавачанай пяцёркі валанцёраў. У вулачцы ля суда шмат людзей, асабліва моладзі.

— Ці бачыш кагосьці з нашых? — пытае мяне Валя Лаеўская, журналістка Радыё Рацыя.

Бачу! — кажу з нейкім энтузіязмам. Гэта пра экс-пасла Яўгена Чыквіна, які таксама (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF