Ніва № 06 (3587), 09 лютага 2025 г.
Пасярод АтлантыкіУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧУдалося мне за апошні тыдзень мінулага студзеня рэалізаваць даўнюю вандроўную мару юнацтва — апынуцца пасярод акіяна, магчыма на абломках старажытнай Атлантыды — а менавіта на Азорскіх выспах. Бязлюдная выспа — гэта востраў свабоды ад чалавека. Азоры, якія, як вядома, належаць каралеўству Партугалія, канешне не бязлюдныя, але насельніцтва там сапраўды няшмат. Так на найбольшай выспе архіпелага Сан-Мігел пражывае толькі 138 тысяч чалавек. З жывых істот тут найбольш кароў — на кожнага насельніка ў сярэднім прыпадае па дзве галавы буйнарагатай жывёлы. Каровы тут уздоўж усіх дарог і часам здаецца, што гэта яны сапраўдныя гаспадары гэтага вострава. Скрозь можна аглядаць пастаральныя навакольныя карцінкі. Раслінны свет досыць разнастайны, а мясцовая флора адлюстроўвае фактычна ўсе кантыненты, тут прыжыліся разнастайныя дрэвы і кусты, прывезеныя з розных куткоў свету. Ёсць тут і эндэмічныя ўнікальныя віды. Што датычыць жывёльнага прадстаўніцтва, то на Азорах няма ніякіх драпежнікаў, калі не лічыць хатніх катоў, таксама няма, як і ў Новай Зеландыі, аніводнага прадстаўніка змяінага сямейства. Паўсюль надзвычай маляўнічыя і разнастайныя краявіды — вулканічныя кальдэры, вадаспады, азёры і затокі, ёсць і тэрмальныя крыніцы з адмыслова зробленымі купальнямі, у якіх можна плюхацца ў кожную пару года. На Азорах фактычна няма прамысловасці, калі не лічыць малачарні, знакамітых сваімі надзвычай смачнымі гатункамі (...) |