Ніва № 04 (3585), 26 студзеня 2025 г.
Сустрэча з агентам. Дэбют 2024. ІІ месца (проза)Ірэна ЛУКШАПасля паўгадавога прадшколля, якое абавязвала вясковых дзяцей перад пачатковай школай, наступілі першыя мае канікулы. Жылі мы блізка вёскі. Дзяцей у маім узросце блізка не было. У вёску мяне не пускалі. На панадворку я гуляла адна. Аднойчы пад вечар ехала на веласіпедзе жанчына забраць кароў, што пасвіліся на лугу пад лесам. За ёю ехала на маленькім роварчыку яе дачка, мая сяброўка з прадшколля. Калі мяне ўбачыла, спытала маму, ці можа са мною застацца і пагутарыць. Яе мама згадзілася. — Пакідайце вы гэты хутар, — сказала мне. — Прыходзьце жыць у сярэдзіну вёскі. У нас так весела. Многа людзей і дзяцей. Да нас прыехаў мамін брат са Шлёнска. Ён мне падарыў гэты веласіпедзік. Я штодзённа на ім езджу і іншым дзецям даю паездзіць. У нас такая доўгая і простая дарога. Ездзіла б на ім і ты, але тут табе ездзіць не дам, бо каля вас дарога калдобістая. Ты яшчэ ездзіць не ўмееш і веласіпед мне папсуеш. Дзядзька мне верша навучыў. Хочаш, то я цябе навучу. — Навучы, — сказала я. — «Герэк, не сядай ты на веласіпед, бо ў веласіпедзе слабыя колы і паляціш ты, як паляцеў Гамулка». Тут падыходзілі ўжо каровы, якія гнала яе мама і сяброўка паехала дадому. Я не магла дачакацца мамы, калі вернецца з работы. Была я вельмі задаволеная, што навучылася верша і маме яго скажу. Калі мама вярнулася з работы, я расказала ёй маю сустрэчу з сяброўкай і сказала верш. (...) |