Ніва № 01 (3582), 5 студзеня 2025 г.
Мама, я іду на вайнуМіхал АНДРАСЮКПішацца новая кніга прозы Міхала Андрасюка пад рабочым загалоўкам „Мама, я іду на вайну”. Чытачы „Нівы” могуць першымі пазнаёміцца з фрагментамі твора, які ўпершыню быў зачытаны аўтарам у дзень святкавання ягонага юбілею 65-годдзя на літаратурным семінары „Бязмежжа” у Беластоку. (рэд.) І вось аднойчы пачынаеш здагадвацца, што гэтая вайна набліжаецца да заканчэння. Яшчэ тут і там перагукваюцца гарматы, але ж хвіліны на перадышку падоўжваюцца, вырастаюць у гадзіны, у дні. Без ранейшай нахабнасці кусаюць зямлю гусеніцы танкаў. Лінія фронту, як пасечаная на кусочкі ядавітая вужака, кідаецца ў перадсмяротных спазмах, падрыгвае ў паасобных лужынах крыві, дарэмна сіліцца вярнуць сябе ў ранейшую скуру. Ачышчанае ад самалётаў неба выгладжваецца і зноўку аддаецца ў валоданне птушкам. Ці ўлавіла ты той момант, калі з сыходам вайны пачаў вяртацца птушыны спеў? Наўрад. У горадзе ўсё іначай. У яго шмат сваіх галасоў. Захаплення самім сабой, біццём свайго сэрца. Некалі і ў мяне быў свой родны горад. Горад, як і ўсе гарады, з высокімі дамамі, з вулачкамі і вуліцамі названымі ў гонар паэтам і ўсякай масці галаварэзам. Галаварэзаў чамусьці больш і аддаюцца ім найважнейшыя вуліцы. Некалі ў мяне быў свой горад, а цяпер у мяне свой лясок. Невялікі такі, самасейны, дзясятак бяроз, дзясятак соснаў. І ў сваім ляску я чуў — не паспелі канчаткова заглухнуць размовы жалеза з жалезам, як азваліся птушкі. У маім (...) |