Ніва № 52 (3581), 29 снежня 2024 г.
Азіраючыся на 2024-ыУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧНа зыходзе чарговага каляндарнага адрэзка людзі звыклі азірацца і падсумоўваць перажытыя дванаццаць месяцаў свайго зямнога шляху, такога няпростага і такога кароткага па мерках гісторыі, а тым больш вечнасці. Паспрабуем і мы асэнсаваць вынікі бурлівага і чарговага неспакойнага года. Для Беларусі і беларусаў такое падсумаванне зноў будзе надзвычай сумным. 2020 год істотна перавярнуў жыццё нацыі і спакой амаль усім нашым суайчыннікам з тае пары, як кажуць, толькі сніцца. Па розных ацэнках за апошнія чатыры з паловай года краіну пакінулі ад 600 тысяч (гэтую лічбу прызнаюць самі ўлады) да аднаго мільёна чалавек. І гэта пераважна маладыя, крэатыўныя, прадпрымальныя, ініцыятыўныя і творчыя людзі. І калі да 2020 года міграцыя была пераважна эканамічнай і натуральнай (рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек — дзе ляпей), то пасля краіну сталі пакідаць найперш з-за палітычнага пераследу. Бежанцы, уцекачы, выгнанцы, эмігранты, ізгоі, «враги народа» — усё гэта найменні з розных бакоў сённяшніх беларускіх грамадзян, якія фактычна ўжо пазбаўлены і ўсіх правоў, і таго грамадзянства. Пішу гэта не дзеля таго, каб выклікаць нейкую жаласлівасць ці непатрэбнае спачуванне, а каб рэальна і цвяроза ўяўляць сапраўдны стан рэчаў. Па сутнасці, гэта нацыянальная катастрофа. У самой Беларусі масавыя рэпрэсіі пастаўлены на канвеер, палітычны пераслед ператварыўся ў палітычны тэрор. І што найбольш прыкрае, гэты тэрор Масква, якая (...) |