Ніва № 50 (3579), 15 снежня 2024 г.
Віленскія лісты ў „Ніву”Сяргей ЧЫГРЫНУ лістападзе 1944 года беларускі грамадска-культурны дзеяч, літаратуразнавец, рэдактар заходнебеларускіх часопісаў „Калоссе” і „Шлях моладзі” Янка Шутовіч (1904-1973) з Вільні быў арыштаваны органамі НКВД і асуджаны на 10 гадоў зняволення. Пакаранне адбываў у Унжлагу Горкаўскай вобласці і ў Пясчанлагу Карагандзінскай вобласці Расеі. У 1954 годзе ён быў вызвалены, але да 1956 года не меў права на зварот у Вільню, таму пэўны час жыў у Карагандзе і Сарані. І толькі ў 1958 годзе Янка Шутовіч быў рэабілітаваны, а справа ў адносінах да яго была спынена за недаказанасцю віны. Аднак вызваленне і зварот на радзіму прынеслі не толькі радасць. Былому ссыльнаму, да таго ж з падарваным здароўем, было вельмі складана ўладкавацца на працу ў Вільні. Нарэшце пашчасціла атрымаць месца пажарніка ў Віленскім дзяржаўным мастацкім музеі. Жывучы ў Вільні, Янка Шутовіч пачаў знаходзіць сваіх старых сяброў, знаёмых, беларусаў, якія займаліся літаратурай, журналістыкай, выдавецкай справай. Ён наладзіў вялікую перапіску з былымі віленскімі сябрамі, пачаў займацца літаратуразнаўствам. Асабліва актыўна падтрымліваў былы вязень ГУЛАГа сувязі з Беларуссю, з’яўляўся пазаштатным карэспандэнтам органа Саюза пісьменнікаў БССР часопіса „Полымя”, супрацоўнічаў з АН БССР, пісаў артыкулы, прысвечаныя беларускай мове, захаванню помнікаў беларускай культуры і іншыя. Асобныя з іх публікаваліся ў беларускіх перыядычных выданнях. (...) |