Ніва № 50 (3579), 15 снежня 2024 г.
«Не давай знікнуць мінуламу, інакш няма сэнсу ў сённяшнім і будучыні» — Алесь Аркуш пра літаратурнае «Бязмежжа» словам і вобразамАлесь АРКУШГэтую гісторыю мушу пачаць з перадгісторыі, з маіх першых судакрананняў з беларускай Беласточчынай. У 1987 годзе я скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі і прыехаў па размеркаванні на Полаччыну. Ехаў я не ў голае поле. Я ўжо ведаў і Сержука Сокалава-Воюша, і Уладзіміра Арлова. Добра быў начуты пра Вінцэся Мудрова і Лявона Баршчэўскага. Ну і я ўжо не быў жаўтаротым верабейчыкам, які ўпершыню патрапляе ў беларускае асяроддзе і з цяжкасцю арыентуецца ва ўсіх гэтых знаках, сімвалах і імёнах. На той час я ўжо прайшоў школу Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», ведаў і пра БНР, і пра братоў Луцкевічаў, і пра «тарашкевіцу», і пра Вацлава Ластоўскага, і пра «Пагоню» і пра бел-чырвона-белы сцяг і пра шмат чаго іншага. То-бок полацкім «нацмэнам» асабліва не было мяне чым здзівіць. Але ўсё ж Сяржук Сокалаў-Воюш, у кватэры якога я бавіў час днямі, аднойчы паказаў мне польскую газету «Ніва», якая выдавалася ў Беластоку, прычым выдавалася выключна на беларускай мове. «Дурыла, ты што не ведаеш, што на Беласточынне спакон веку жывуць беларусы, — адрэагаваў на маё здзіўленне Воюш. — Там і школы ёсць беларускія, і газеты, і часопісы. Дарэчы, на „Ніву” можна падпісацца і ў Беларусі, таму рэкамендую неадкладна. Да таго ж туды можна дасылаць свае вершы і артыкулы, яны з задавальненнем друкуюць. (...) |