Ніва № 44 (3573), 3 лістапада 2024 г.
INVICTUS (ч.ІІ)В. ШЭРЫ (Васіль КАЛАЧ) Мара. Ты ведаеш што такое мара, пан палкоўнік? На вашай мове, гэта „мечта”... На вашай мове — так... а ў нашай мове... У мяне яшчэ шмат часу — да казні яшчэ два дні і ноч. І мараў у мяне многа. А ў пана палкоўніка ёсць мары? Ну, канешне! Навошта пану палкоўніку распавядаць аб гэтым вязню, смяротніку, якога павесяць трэцяга дня? А я бачу — ёсць мара. Я іх бачу — мары чалавечыя. Маёнтак на ўсходзе прывесці ў лад — там пустэча, там халопы барскія з голаду мруць і прыбытку няма... Але марыць пан палкоўнік аб тым, як мэблю рэквізаваную прывязе, у барскіх пакоях паставіць. Княскае золата і парцаляну ў сталіцы прадасць. Жонка ў марах пана палкоўніка: прыгожы стан, але твар — белая маска. Няма кахання ў сэрцы... Не багаты пан палкоўнік на мары. Маю яшчэ два дні, а гэта — цэлая ноч. Падзялюся сваімі марамі з панам палкоўнікам... Бо ў нашай мове, мара, гэта... — Это не имеет смысла!.. — палкоўнік устаў з зэдліка, шчаўкнуўшы пальцамі. — Пакінь мне аловак і паперу... — Не подпались на свече, инсургент, обгорелый висельник — нелепое зрелище. Некалькі лістоў ляснуліся ў пыл падлогі, аловак пакаціўся па камяні... Бліскучыя боты прагрукаталі абцасамі. Заскрыгаталі краты. У дрыжачым святле агарка чуткія пальцы мастака кладуць лінію за лініяй на брудную паперу. Вугальны аловак крышыцца, рыпіць ціхенька — недзе гучна капае вада са столі, пішчаць пацукі... і рыпіць ціхенька аловак... Я бачу чужыя мары, (...) |