Ніва № 44 (3573), 3 лістапада 2024 г.
Апошнія выбары?Уладзімір ХІЛЬМАНОВІЧ«Быў канец кастрычніка, час гарачых ідэйных баёў. Набліжаліся выбары кіраўніка дзяржавы. Прадаўцы гародніны змаглі зноў вывезці на рынак гнілыя памідоры, а птушкаводы распрадалі запасы старых тухлых яек». Так фінскі пісьменнік Марці Ларні, ён жа Лайнэ ад нараджэння, у адным са сваіх гумарыстычна-сатырычных твораў апісваў пярэдадзень прэзідэнцкіх выбараў у ЗША. З канца пяцідзясятых і пачатку шасцідзясятых гадоў мінулага часу ўцякло нямала вады, і зараз гнілыя памідоры і тухлыя яйкі паспяхова замяняюць больш эфектыўныя медыя. Гэтыя медыя здольныя на ўсё: абылгаць і знішчыць рэпутацыю прыстойнага чалавека, перавярнуць факты дагары нагамі, узвесці ў ранг мысляра шэрую нікчэмнасць, а мярзотніка выставіць ратавальнікам нацыі. Крыху перафразуючы таго ж дасціпнага Ларні, бальшыня сучасных медыя падманвае нават тады, калі гаворыць праўду. Залатая эпоха дэмакратыі, праўдападобна, незваротна мінае. Цяпер кожныя першыя выбары, якія ўдаецца сфальсіфікаваць у той ці іншай краіне, становяцца фактычна апошнімі. І робіцца неістотным, за каго і за што галасуюць людзі, Так было ў Беларусі з часу галасавання на рэферэндуме 1995 года, так будзе зараз у Грузіі, дзе апазіцыя не без падстаў заяўляе пра сфальшаваныя вынікі парламенцкіх выбараў. І цяпер Сакартвэла будзе хутка скочвацца ў таталітарызм і масавыя рэпрэсіі па ўзоры лукашэнкаўскай Беларусі ці нават горш. Так было на выбарах прэзідэнта Бразіліі, дзе ў 2022 годзе (...) |