Ніва № 42 (3571), 20 кастрычніка 2024 г.

Даччыно вяселле

Віктар САЗОНАЎ

Звестку, што дачка выходзіць замуж, Яўген успрыняў па-мужчынску спакойна. Ён так думаў, што выслухаў яе да канца без асабліва выяўленых эмоцый. У дачкі, праўда, наконт гэтага склалася іншае меркаванне. Насамрэч па-сапраўднаму спакойнай была толькі яна. Узяла і сказала проста і зразумела, вось так між іншым, нібыта пазыку вярнула:

— Тата, я замуж выходжу.

Разумная дзяўчына, нічога не скажаш. І ўжо дарослая.

А вось самому шчасліваму бацьку толькі здалося, што ён нічым сваіх эмоцый не выдаў, як тэлеграфны слуп на міжнароднае паведамленне пра катастрофу сусветнага маштабу. Ды і доля праўды ў тым усё ж такі была. Гэта эмацыйныя ад прыроды жанчыны падобныя звесткі ад дачок успрымаюць адваротна свайму характару. Вясёлыя плачуць, сумныя ўсміхаюцца, самыя стойкія і цвёрдыя губляюць прытомнасць... Як дурныя якія. Інакш не скажаш. Як быццам бы самі ні разу замуж не выходзілі.

У мужчын жа, калі яны насамрэч мужчыны, крыху ўсё па-іншаму. А Яўген жа быў мужчынам. Многія, якіх заўсёды больш, выношвалі яму прэтэнзіі, невядома за што, зайздросцілі... Ды што тут скажаш, ёсць людзі, якія нават бядзе зайздросцяць і разглядаюць прыяцеля больш не як сябра, а хутчэй як ежу. Але і яны мужчынскасць дадзенага персанажа ў глыбіні сваёй зайздроснай душы пад сумнеў не ставілі.

Ну а бед у Яўгена хапала, як у калгаснага каня. Як не воз цягнуць, дык плуг. Адно ўпірайся і на хваробы не наракай, а то яшчэ і пуга (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF