Ніва № 42 (3571), 20 кастрычніка 2024 г.
Зачыстка культурыУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧ13 кастрычніка ў Рэспубліцы Беларусь адзначаўся так званы Дзень работнікаў культуры. Напярэдадні і ў азначаную нядзелю па многіх раёнах прайшлі разнастайныя дзяржаўныя мерапрыемствы. Замілоўвае мяне якраз гэтае слова «мерапрыемствы», якое паразітычна ўкаранілася яшчэ з савецкага часу ў нашу мову з расейскай. Калі крыху разабрацца ў яго паходжанні, то гэта ад спалучэння слоў «прыняць меры», гэта значыць разабрацца, пакараць ці паставіць на кантроль. Так што замест вечарын, імпрэз, фэстаў, прэзентацый, вернісажаў, канцэртаў у сённяшняй Беларусі праходзяць пераважна «торжественные мероприятия». Сама назва ў дзяржаўным календары таксама надзвычай адпавядае сутнасці — гэта ні дзень культуры, а дзень работнікаў культуры — тых, хто працуе ў адпаведных установах і ў каго ў працоўных кніжках зроблены адпаведны запіс. А хто ж кіруе цяпер культурнымі ўстановамі ў Беларусі? Тэатрамі — адстаўныя палкоўнікі, кінастудыяй «Беларусьфільм» — аграрый па адукацыі і камсамолец па біяграфіі, музеямі і дамамі культуры — асобы, якія да культуры не маюць ніякага дачынення. А за кожнай установай замацаваны як мінімум адзін кагэбэшнік, прыхаваны за пасадай адміністратара, начальніка па ідэалогіі ці проста навуковага супрацоўніка. У свой час мне ў 1992-1997 гадах цягам шасці гадоў пашчасціла працаваць у дзвюх установах культуры. Нягледзячы на такі непрацяглы час, кантраст паміж першымі гадамі і апошнім перыядам быў значны (...) |