Ніва № 38 (3567), 22 верасня 2024 г.
Нараўцы — 385!(ЛУК)24-25 жніўня Нараўка адзначала 385 гадавіну з часу заснавання мясцовасці. З гэтай нагоды ў Нарачанскай гміне праводзіліся мерапрыемствы «Укаранелыя ў прасторы — Нараўка Фестываль 2024». Гэта былі цудоўныя выхадныя, напоўненыя непаўторнымі ўражаннямі. Мастак Павел Карпюк: — Віншаванні — цудоўная імпрэза, «экуменічная», кожны мог знайсці штосьці для сябе. Мерапрыемства пачалося з аповеду пра карані Нараўкі ў Галерэі «Нараўка», адкуль удзельнікі рушылі ў гістарычны шпацыр пад кіраўніцтвам «Ходжанага тэатра» ў суправаджэнні коннай брычкі са Стайні «Буквіца». Гэта быў інсцэніраваны шпацыр аб вяртанні жыхароў у спаленыя пасля Другой сусветнай вайны вёскі. Тэатралы вельмі рады, што прагулка сабрала так шмат удзельнікаў. Усе даведаліся вялікую частку мясцовай гісторыі і наведалі шмат гістарычна важных месцаў. Шпацыр выклікаў шмат эмоцый — ад слёз да смеху. Паўліна Васілюк: — Дзякуй за прафесійную падрыхтоўку і правядзенне шпацыру разам з «Ходжаным тэатрам» і за прыгожую абстаноўку Стайні «Буквіца»! Пасля таго, як удзельнікі шэсця прыбылі на месца, пачалося мерапрыемства ў амфітэатры. Ой, што там рабілася! Амфітэатр ператварыўся ў месца сустрэч, гутарак і майстар-класаў. Удзельнікі мелі магчымасць наведаць стэнды мастакоў з Нараўчанскай гміны і раёна, якія прадстаўлялі такія галіны, як сталярства, кераміка, шкларобства, кавальства, слясарная справа, ткацтва, піваварства, пчалярства, сыраварства і зёлкі. (...) |