Ніва № 37 (3566), 15 верасня 2024 г.
Сыход Паўлюка ТрусаКастусь КАСЯКУ перадапошні дзень лета, 30 жніўня 1929 года, пайшоў з жыцця беларускі паэт-„маладняковец” Паўлюк Трус, якому было ўсяго 25 гадоў. Ягоны сыход стаў вельмі важнай падзеяй для літаратурнага жыцця ў тагачаснай Беларусі, бо нарэшце прымірыў зацятых праціўнікаў з розных літаратурных аб’яднанняў. Шлях Паўлюка Труса ў літаратуру быў надзвычай імклівым, але разам з тым і даволі тыповым для паэтаў і пісьменнікаў таго часу. Нарадзіўся ён увесну 1904 года на Уздзеншчыне, якая стала самай сапраўднай кузняй кадраў для маладой беларускай літаратуры. З гэтага рэгіёна паходзяць не толькі вядомыя кожнаму беларускаму школьніку Кандрат Крапіва і Пятро Глебка, але і троху падзабытыя цяпер Алесь Якімовіч, Сымон Баранавых ды многія іншыя. Паходзіў Паўлюк Трус з беднай сялянскай сям’і, дзе пакаленнямі цяжка працавалі на зямлі. Паводле яго ўласных успамінаў, з бацькам або дзедам не магло быць ніякай размовы аб тым, каб ён паехаў кудысьці вучыцца. Тое пацвярджае і Максім Гарэцкі у сваёй брашурцы „Маладняк за пяць гадоў”, якая бачыла свет у 1928 годзе і змяшчала кароткія біяграфіі ўдзельнікаў аб’яднання: „Дзед яго, чалавек няпісьменны, хацеў, каб і ўнук такім астаўся і працаваў на гаспадарцы. І бацька, хоць і пісьменны чалавек, згаджаўся з дзедам, толькі маці настоіла: „чужыя-ж дзеці вучацца, няхай і ён пралазіць у людзі”. А выбіцца ў людзі яму дапамагло знаёмства з Якубам Коласам — той, нягледзячы на (...) |