Ніва № 34 (3563), 25 жніўня 2024 г.
Пісьменнікі на Вялікай вайнеКастусь КАСЯКУ канцы ліпеня — пачатку жніўня зазвычай адзначаюць пачатак Першай сусветнай вайны, якая абярнулася самай сапраўднай катастрофай для многіх народаў. Пагатоў і беларускага, бо вымусіла пакінуць свае дамы сама меней паўтара мільёна чалавек. І, парэзаўшы напалам этнічную беларускую прастору, фактычна перадвызначыла далейшую хаду падзей у справе нацыятворчасці і дзяржаўнага будаўніцтва. Вялікая вайна, як яе называлі яшчэ сучаснікі, завяршыла «даўгое» ХІХ стагоддзе — эпоху, якая цягнулася троху болей за каляндарны век, прыкладна ад Вялікай Французскай рэвалюцыі да лета 1914 года, калі ўласна і пачалася грандыёзная бойня. Такі працяглы час быў патрэбны для таго, каб аформіліся ўмовы для эпохі, у якой мы ўсе цяпер жывём. Падзеі 1789 года ў Парыжы, калі скінулі караля і абвясцілі рэспубліку — пік Асветніцтва. Чалавецтва ўжо не проста ставіла пад сумнеў богаабранасць царскай улады, але адмаўляла яе як такую. Метафізіка таксама была пастаўленая пад сумнеў. Рэвалюцыянеры зайшлі ў сваім рацыяналізме так далёка, што нават спрабавалі ўвесці Культ Вярхоўнай Істоты — асобы, якая б замяніла Бога. Але нічога добрага з гэтага не выйшла, таму ад задумы вырашылі адмовіцца. І тым не менш чалавек усяляк імкнуўся наблізіцца да творцы. Цягам усяго ХІХ стагоддзя ішло афармленне сучасных дзяржаў, а разам з тым і сучасных нацый. Гэтага не магло быць без таленавітых навукоўцаў, пісьменнікаў і журналістаў, (...) |