Ніва № 30 (3559), 28 ліпеня 2024 г.
Вершаўчытальня Андрэя Сцепанюка (82). Самнамбулічны танецАндрэй СЦЕПАНЮКА мы гуляем... Так, здаецца, пачынаецца адна з расейскіх песень, але ў гэтым тэксце, расейцы будуць на другім плане. Прыйшоў гарачы месяц ліпень, а разам з ім розныя мерапрыемствы, звязаныя з гэтай парой года. Сярод так званых «дзеячаў» розных меншасных нацыянальных арганізацый, пачалася гонка, хто пакажацца лепш, і ў наступным годзе прэтэндаваць будзе на яшчэ большыя сродкі з бюджэту на ўзроўні краіны, ці то паасобных самакіраванняў. А калі ліпень, то зразумела, самым важным, для «сапраўдных праваслаўных людзей» становіцца... паганскае Купалле. У розных месцах Беластоцкага краю плывуць вянкі, так у адназначным, як і сімвалічным значэнні. А разам з тымі вянкамі плыве мора гарэлкі і піва, дык сапраўды Купалле ў сваім першазначэнні было, як гаварыў мой выкладчык з Варшаўскага ўніверсітэта, месцам распусты і дзікага шаленства. І ніхто ўжо не звяртае ўвагі на тое, што гэта за свята, і па якой прычыне апынуўся і ён у тым месцы. Можа апрача тых жа ўспомненых «дзеячаў», якія перакідваюцца, з пышнай усмешкай на вуснах, колькі то было «ўкраінцаў», ці «беларусаў» на таго тыпу «імпрэзах». А тыя «ўкраінцы», ці «беларусы», найчасцей перамяшчаюцца з аднаго месца ў другое і хаця раз у год «падтрымліваюць нашу традыцыю», не гаварыўшы аб тым, што нацыянальная афарбоўка гэта для іх ерунда. «Fajne te nasze piosenki...», а пасля чарговай чаркі і мы заравем штосьці «na podlaską nutę». І равем, (...) |