Ніва № 28 (3557), 14 ліпеня 2024 г.
Пераспелыя элітыУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧГрамадска-палітычныя жарсці апошніх гадоў у многіх краінах паказваюць, што чалавецтва падышло да той мяжы развіцця, калі назіраецца сістэмны крызіс кіравання. Прытым найбольш дзіўна, што дыктатарскія рэжымы і знешне дэмакратычныя формы кіравання набываюць усё больш падабенства ў сваёй сутнасці. Старыя, «пераспелыя» палітычныя эліты ніяк не хочуць аддаваць уладу і мэтна спакваля вядуць свае дзяржавы да такога дзяржаўнага ўладкавання як кібертыранія. Пры тым гэтыя палітычныя эліты пераўтвараюцца ў сістэмныя кланы, прабіцца праз якія людзям з прынцыпова новымі ідэямі становіцца немагчымым. Несістэмных палітыкаў гэтая закулісная машына сваімі стальнымі сківіцамі вельмі хутка жорстка перамеле, разатрэ ў парашок і цынічна выплюне на ўзбочыну генеральнай магістралі. З таталітарнымі і аўтарытарнымі дзяржавамі ўсё і так відавочна — усе гэтыя формы: кімаўская дынастыя ў Карэі, рэжым іранскіх аятолаў, маскоўскі махровы гэбізм, сацыялістычны Кітай «дэмакратычнай дыктатуры народа», трыццацігадовыя кіраванні назарбаевых-лукашэнкаў на постсавецкай прасторы яскрава засведчылі сутнасць такога кіравання. Яна палягае ў тым, каб чалавек быў поўнасцю залежны ад дзяржавы, быў удзячны за сваё шчаслівае дзяцінства і мірную старасць мудрым правадырам і не пасмеў нідзе перайсці аніводнай з рыс, якія ад нараджэння і да смерці адведзены яму магутнай «руководящей и направляющей» сістэмай. У разе праяў нейкіх учынкаў супраціву ці (...) |