Ніва № 25 (3554), 23 чэрвеня 2024 г.
Надзея (працяг з «Нівы» № 24)Віктар САЗОНАЎРухавікі лятальнага апарата працавалі роўна і манатонна. За бортам плаўна плыла разам з самалётам ноч. Пасажыры збольшага спалі. Некаторыя стараліся заняць сябе нечым, але не асабліва тое атрымлівалася. Пра гэта сведчылі заспаныя фізіяноміі. На экране тэлевізара ў салоне паказвалі фільм. „Цітанік”. І хто толькі надумаўся пусціць менавіта гэты фільм на такім доўгім маршруце, дзе і без жахаў гібелі самага вялікага карабля не ўсё добра з нервамі? Дзесяць тысяч метраў над зямлёй, усё ж такі. Ну і над вадой, прыкладна столькі ж. Пару сотняў туды сюды, ды гэта не істотна. Для страху вышыні не істотна. Ды і для страху пералётаў на самалёце таксама. Але гарадзенскія муж і жонка не баяліся зараз ні вышыні, ні пералёту. Не да гэтага было. А той фільм і так ніхто не глядзеў. — Як мы будзем жыць далей, Валера? — спыталася Наталля. — Няўжо атрымаецца? Ды і навошта? Я ўжо звыклася з думкай, што ўсё кончана. Так не хочацца перажыць гэты боль наноў. Я баюся. — Я думаў пра гэта, — адказаў той. — Як тады з табой развіталіся, усю ноч думаў. Успамінаў наша жыццё. Пракруцілася яно ў мяне перад вачамі як перад смерцю, у адваротны бок. Назад. Усё прагледзеў. І мне здаецца, я ведаю што нам трэба. — Нам? — Так, нам. — Падзяліся думкамі, калі не сакрэт? Валерка залез ва ўнутраны кішэнь пінжака і дастаў каляровы фотаздымак. Працягнуў яго жонцы. З (...) |