Ніва № 23 (3552), 9 чэрвеня 2024 г.
У першы дзень сонца іграла ў БеластокуМіра ЛУКШАРыхтуючыся да сёлетняга «Сонцаграю», яго арганізатар — Фонд «Тутака» запрасіў, між іншым, калектыў традыцыйных спеваў і танцаў «Жэмэрва», які існуе ўжо больш за 20 гадоў, народную капэлу з Гданьска. За апошні год тутака стварылі мужчынскі і жаночы хары з мясцовых людзей — у харах спяваюць і мясцовыя беларусы, і палякі, і прадстаўнікі беларускай дыяспары. «Сонцаграй» — месца сустрэч з аўтэнтычным беларускім фальклорам, са спеўнай і музычнай традыцыяй беларусаў, а таксама магчымасць пазнаёміцца з рознымі элементамі творчай і культурнай спадчыны нашых продкаў. Сёлета фэст адбываецца ў розных мясцовасцях Беласточчыны, дзе цяпер жыве пераважна змешанае насельніцтва: беларусы, палякі, украінцы, каб паказаць як мага большай колькасці гледачоў традыцыі беларускай культуры. Першы дзень — апошні дзень траўня — у Беластоку, на Рынку Касцюшкі пад Ратушай. Цікава паглядзець на рэакцыю гараджан, якія шматліка вылеглі на пляц, сядзяць вакол славутага фантана, у піўных агародчыках, услухоўваюцца і далучаюцца да спеваў і танцаў. Рэй вядуць Зміцер Косцін і Марыся Грыц. Марыся Грыц летась на «Сонцаграі» рабіла «Купальскі крупнік». Роўна ў сямнаццатую гадзіну прадбачваўся лівень з маланкамі... Непадалёк у краіне абарваліся хмары, часам сыпаліся градзіны як пяць злотых! — А ты адагнала буру? — пытаецца ў мяне старшыня фонду Павел Станкевіч. А як жа, дзякуючы тутэйшым традыцыйным замовам (...) |