Ніва № 18 (3547), 05 мая 2024 г.
Знаходка ў Багаслоўскай царкве ў Новаберазове (працяг артыкула з Нівы № 13)Аляксей МАРОЗУ дзяцінстве я асабліва чакаў Вялікадня. Хрышчоныя бацькі давалі мне валачобнае — пафарбаваныя на розныя колеры яйкі і яшчэ нешта да валачобнага. Дома мама фарбавала цыбульнікам і фарбамі многа яек і іншыя асобы мне іх дарылі. Былі выбіткі з сябрамі і траціў я сваё яйка, калі мой сябра або сяброўка разбілі яго сваім яйкам, а здабываў іншае яйка, калі я яго разбіў. Аднак у выпадку маёй роўні гэтыя выбіткі былі сімвалічнымі, паколькі ў кожнага дзіцяці ў родным доме было ўдосталь сваіх яек. На першы дзень Вялікадня мы з мамай і сямейнікамі ішлі ў Багаслоўскую царкву маліцца ў час вячэрні. Тады я бачыў у царкве дачок настаяцеля Новаберазоўскага прыхода мітрафорнага протаіерэя Сяргея Стальбоўскага, якія ўжо не жылі ў Новаберазове, але абавязкова прыязджалі на Вялікдзень разам са сваімі сямейнікамі. Сын настаяцеля, Андрэй Стальбоўскі, жыў яшчэ дома і быў галоўным прыслужнікам. Не будзілі мяне, каб я пайшоў у царкву на велікодную ўсяночную багаслужбу і літургію. Затое бывала, што будзіўся я, калі пасля ўсяночнай прыходзілі ў нашу хату сваякі і іншыя асобы на адпачынак перад начной літургіяй. У перыяд адпачынку для вернікаў айцец Сяргей Стальбоўскі здзяйсняў праскамідыю і ўсе лаўкі ў царкве былі заняты старэйшымі асобамі. Калі было цёпла, прыхаджане адпачывалі на лаўках на цвінтары. Аднак калі велікодная ноч была халоднай, вернікі разыходзіліся на адпачынак па дамах (...) |