Ніва № 51 (3527), 17 снежня 2023 г.
Дзесяць дакументаў Язэпа Варонкі, 1908-1913 гадыСяргей ЧЫГРЫНБеларускі палітычны дзеяч Язэп Варонка (1891-1952) — адзін з самых знакамітых беларусаў Беласточчыны. Ён быў старшынёй урада і міністрам унутраных і замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Нарадзіўся Язэп Варонка ў мястэчку Кузніца Сакольскага павета. Маленства прайшло ў родных мясцінах. У 1901 годзе хлопчык паступае ў Беластоцкае рэальнае вучылішча, якое скончыў у 1908 годзе. Меў выдатныя паводзіны і добрыя адзнакі, асабліва яму лёгка даваліся руская, нямецкая і французскія мовы, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія. Скончыў яшчэ дадатковы клас гэтага вучылішча. У 1908 годзе праваслаўны беларус з Кузніцы едзе ў Санкт-Пецярбург і становіцца вольным слухачом юрыдычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. У горадзе на Няве ён знаёміцца з творчай інтэлігенцыяй, асабліва шчыра сябруе з рускім паэтам Мікалаем Агніўцавым (1882-1932). Сам пачынае пісаць вершы на рускай мове і друкаваць іх у розных выданнях Санкт-Пецярбурга пад псеўданімам Юрый Вегаў. А сябру Агніўцаву вершы Вегава вельмі падабаліся, таму той яго хваліў, а таксама чытаў беларусу свае паэтычныя радкі, асабліва любіў Язэп слухаць дзіцячыя сатырычныя творы. Дарэчы, пры жыцці Мікалай Агніўцаў выдаў каля 20 зборнікаў вершаў для юных чытачоў. Калі сядзелі сябры ў кафэ за куфлем піва, Юрый Вегаў з асалодай слухаў вершы з вуснаў сябра Агніўцава. І яны яму падабаліся, асабліва вось гэты пра каханне (...) |