Ніва № 47 (3523), 19 лістапада 2023 г.
Надзея (працяг з Нівы № 46)Віктар САЗОНАЎНу, падумаеш, не выказаў ёй належнай увагі пасля таго, што адбылося ўчора. Дык гэта ж толькі для яе было вялікае здарэнне, тое, што адбылося ўчора. Для яго, гэта самы натуральны стыль жыцця, самы звычайны вечар з чарговай дзяўчынай. І яна гэта ведала. Яна ж і не разлічвала, што Сцівен закахаецца ў яе адразу, і адразу памяняе сваё стаўленне і да яе, і да іншых. Не! Ён зменіцца толькі пасля трэцяй сустрэчы! Вось так яна ўзяла сабе ў галаву, што пасля трэцяй сустрэчы памяняецца ўсё. Дык чаго яна так востра ўспрыняла сённяшнія паводзіны хлопца?! Яшчэ ж была толькі першая сустрэча, а не трэцяя. Яна ж так і меркавала ад пачатку. Пасля таго трэцяга спаткання, калі яна зможа яму ўсё растлумачыць, і тады ён зможа ўбачыць усю веліч і прыгажосць яе пачуцця, вось тады ў яго натуральным чынам народзяцца ўзаемныя пачуцці да яе. Вось так яна сабе гэта ўяўляла. Не могуць жа яны не нарадзіцца, тыя вялікія і прыгожыя пачуцці. Яе ж каханне такое глыбокае і светлае, што не можа ў прынцыпе не выклікаць узаемнасці. Але гэта будзе пасля. Ну то навошта яна сёння так істэрычна ўспрыняла абыякавасць Сцівена да сябе?! А што яна ад яго чакала?! Яна ж учора нават не прызналася яму, што закаханая! Яна ўвогуле амаль нічога яму не сказала... Такія думкі раіліся ў галаве знерваванай дзяўчыны. Асамі ў гэтых развагах пастаралася супакоіцца, і гэта ёй збольшага ўдалося. Толькі слёзы з (...) |