Ніва № 46 (3522), 12 лістапада 2023 г.
НадзеяВіктар САЗОНАЎ8. Асамі. Асамі ўпершыню ўбачыла Сцівена Кроўфарда на стадыёне іх універсітэта. О, як ён гуляў у амерыканскі футбол! Здавалася, больш нікога няма на полі, толькі ён адзін. Хуткі, імклівы, моцны, высокі, шляхетны... Асамі нават твару яго яшчэ не бачыла, бо твар быў пад спартовай маскай, але яе сэрца застукала няроўна, як азбука Морзэ, выбіваючы кароткімі і прадаўгаватымі ўдарамі інфармацыю, што гэта і ёсць той адзіны прынц на белым кані, пра якога марыла яшчэ маленькай дзяўчынкай. Марыла і спадзявалася на яго прыход, слухаючы з вуснаў матулі казкі з дзіцячых кніг. І падобны ён быў на малюнкі прынца з той дзіцячай кнігі. Высокі, шляхетны, у даспехах, і твар пад рыцарскім забралам... І з’явіўся той рыцар акурат у самы патрэбны момант, як у казцы. Калі ўжо без яго невыносна! Калі ўжо няма аніякага паратунку! Калі злы цмок ужо гатовы знішчыць сваю ахвяру, і тут з’яўляецца ён, рыцар, прынц, у срэбных бліскучых латах, і выратоўвае няшчасную дзяўчыну ад злыдня, і вязе яе з сабой у краіну мар і шчасця... Вось і ў Асамі так. Калі матуля ляжала хворая, калі не было сродкаў, каб працягваць вучобу, калі бракавала настрою жыць, калі поўны адчай і нявызначанасць, акурат у гэты момант, на даляглядзе яе жыцця з’явіўся ён. Уварваўся ў яе лёс са скураным мячыкам у руках і забіў рашаючы гол... Увесь стадыён узарваўся ў захапленні ад гэтага ўдару! А яго аўтар нёсся па полі, як сапраўдны лідар, апярэджваючы сваю (...) |