Ніва № 45 (3521), 5 лістапада 2023 г.
Надзея (ч.V)Віктар САЗОНАЎ7. Джэсіка Чырванавата-аранжавыя хвалі нябеснага свяціла, якое ўжо звалілася ніжнім бокам за далягляд, цалкам залілі сабой белы пакой, у якім прафесар Сымановіч нарэшце завяршыў сваё рукапіснае пасланне. Залілі настолькі густой і насычанай субстанцыяй, ажно гэтым разам і крэсла, і таксама гарнітур, і застылыя твары на партрэтах вялікіх навукоўцаў мінулага, і нават твар сучаснага, яшчэ жывога прафесара і медыцынскага свяцілы, што ўсё паружавела. Сымановіч ўжо паспеў праз Марыю аддаць загад адправіць напісаны ім уласнаручна ліст свайму, ім жа здраджанаму ў маладосці каханню, і зараз знаходзіўся ў стане глыбокай задумлівасці. Згрызотаў сумлення, якія тэарэтычна маглі б узнікнуць пры падобных успамінах памылак маладосці, ён не адчуваў. Ды і памылкамі свае паводзіны не лічыў. Ён быў спакойны і задумлівы, як акіян, які таксама не адчувае аніякіх згрызотаў па ўтопленых мараках. Яму здавалася, што ён увогуле нічога не адчувае. Змены адценняў у колерах захаду сонца ён таксама не заўважаў зусім. Як і чырванавата-аранжавых змен у колеры яго белага пакоя. Ды не толькі той пакой афарбаваўся ў колеры захаду. Сонечныя промні ляглі на ўсё наваколле, пралезлі з хуткасцю святла ў кожную шчыліну, каб не абмінуць на развітанне з гэтым днём нікога і нічога. Каб усяму жывому на зямлі пажадаць добрай ночы. Пажадаць сваім нябесным спосабам. От жа гэтыя сонечныя прамяні (...) |