Ніва № 43 (3519), 22 кастрычніка 2023 г.

Надзея (ч.IV)

Віктар САЗОНАЎ

4. Казлоўскі. — Прафесар, доктар Казлоўскі ўжо прыйшоў, — вывеў Сымановіча са стану гіпнатычных успамінаў роўны голас Марыі.

— Добра, — раздражнена ўздыхнуў прафесар. — От, гэты Казлоўскі. Вечна ён не тады. І ўвогуле... Пасадзі яго ў вароніну зграю, адбярэ і ў варон. Дасі салому, з’есць і салому, калі чужая.

Ну хто ж яшчэ можа папсаваць прыемныя ўспаміны, як не гэты небарака Антон Казлоўскі, каб яго халера забрала! Хоць ты сабаку на яго нацкуй! Аргенцінскага дога!

— Я табе, Марыя, скажу так пра гэтага Казлоўскага, — не мог супакоіцца Сымановіч. — Прырода ўсім людзям дае кампенсацыю. Я гэта як медык ведаю. Глухія лепш бачаць. У каго горшы зрок, мае лепшы слых, і нават нюх. А бязмозгі можа бясконца разважаць на любыя тэмы. Вось гэта пра нашага Казлоўскага.

Прафесар націснуў адмысловыя гузікі на сваім крэсле і яно плаўна рушыла ў расчынены праём у сцяне. Павезла свайго ўладара ў суседні пакой, які зыходзячы з колькасці кніг на стэлажах уздоўж сцен можна было без перабольшвання назваць прыватнай бібліятэкай. Ну а калі прааналізаваць назвы і змест кніг, то медыцынскай прыватнай бібліятэкай. Бо хоць кнігі былі на розных мовах, яднала іх адно — медыцынская тэматыка.

Марыя паслухмяна застукала абцасамі следам.

Сабака таксама зацокаў кіпцюрамі. І гэта адразу шмат расказала пра яго гаспадара. Вушы сабаку абрэзаў сам асабіста, і галасавыя звязкі выразаў, ды і вартасць самца (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF