Ніва № 43 (3519), 22 кастрычніка 2023 г.
Нашы пераборы з сундука і шафыАляксей МАРОЗЯшчэ многа пакрывалаў вытканых на кроснах тэхнікай у пераборы і іншымі тэхнікамі можна знайсці ў сундуках і шафах у нашых вёсках. У вялікай зале Гміннага асяродка культуры, спорту і рэкрэацыі ў Дубічах-Царкоўных 7 кастрычніка адбылося адкрыццё выставы 72 плахт, вытканых у розныя перыяды, перш за ўсё тэхнікай у пераборы. Былі яны сабраны ад 29 асоб у Дубіцкай гміне ў рамках праекта «Нашы пераборы з сундука і шафы», дафінансаванага сродкамі з праграмы «Дзейнічай лакальна». Калі мясцовыя і прыезджыя наведвальнікі прыйшлі на адкрыццё выставы, адны з іх задзіралі ўверх галовы, каб дакладней прыглянуцца тканаму народнаму мастацтву, а другія дакладней глядзелі на плахты, якія ляжалі на сталах і куфры, якія ў нас называюць сундукамі. Адкрыццё выставы адбылося з невялікім спазненнем, каб наведвальнікі маглі прыглядзецца прэзентаванаму на экспазіцыі народнаму мастацтву. Частку ўдзельнікаў мерапрыемства састаўлялі пенсіянеркі, якія раней самі ткалі пакрывалы або палавікі і ведалі як многа часу займае такая работа. Часта ткачыхі карысталіся даўнімі ўзорамі, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне або больш новымі, якія таксама былі дакладна распісаны для ткання. Прыехала на мерапрыемства самая вядомая на Беласточчыне беларуская ткачыха з Ляўкова Ірэна Ігнацюк, якая дзень раней адкрыла выставу свайго рукадзелля ў Галерэі імя Тамары Саланевіч у Нараўцы. Пра яе пакрывалы з арыгінальнымі ўзорамі пісала «Ніва», (...) |