Ніва № 40 (3516), 1 кастрычніка 2023 г.
Надзея. „... Дзеці, яшчэ да свайго нараджэння, разам з Богам выбіраюць сабе зямных бацькоў...” (народная прытча)Шаноўныя чытачы, прапануем Вашай увазе фрагменты новага рамана Віктара Сазонава «Надзея». Віктар Сазонаў — шматгадовы ніўскі супрацоўнік, якога талент рэалізуецца ў літаратурнай, публіцыстычнай, музычнай і грамадскай прасторах. Беларуская бязмежнасць духу, месца і свабоды — гэта той генетычны алфавіт, які ёсць ягоным жыццёвым і творчым арыенцірам. Менавіта ўжо неўзабаве, 18 кастрычніка, знакамітаму пісьменніку споўніцца 60 гадоў. З гэтай нагоды прымі, Віктар, самыя шчырыя віншаванні! Крэпкага здароўя, веры, надзеі і любові жадае Табе ўся ніўская сям’я, сябры, паклоннікі Твайго таленту! З наступаючым юбілеем!!! Частка 1. Два лісты 1. Імперыя Сымановіча „Каханая Наташа! Я паміраю...” Гэтыя два кароткія радкі выразна чарнелі з белага ліста паперы, і нібыта вымольвалі ў іх аўтара хутчэйшага працягу. Сам жа ліст цярпліва ляжаў распрастаным на стосе іншых, і таксама не ствараў аніякіх перашкод для завяршэння тэксту. І толькі аўтар тых радкоў не спяшаўся. Гэта быў даволі схуднелы мужчына, на выгляд гадоў пад сорак пяць, з невялічкім хвосцікам у якісьці з бакоў ад гэтай лічбы. Чыста выгалены, з сівымі ды гладка прычэсанымі назад валасамі. З шырокімі як у каровы вачамі, вялікімі прыплюснутымі да чэрапа вушамі, злёгку гарбаватым носам, ды крывым, перакошаным на левы (...) |