Ніва № 39 (3515), 24 верасня 2023 г.
Бельск. На родную нотуМіра ЛУКШАБеларускае таварыства завітала з роднай нотай таксама ў Бельск (3 верасня). Летнія беларускія культурныя імпрэзы ладзяцца пры падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі і мясцовых устаноў культуры. Усё адбываецца ўжо па за пандэмічным рэжымам, які на пару гадоў тармазіў ладжанне нават пленэрных мерапрыемстваў. Нараілася розных імпрэз — таксама тутэйшых, што кожны ўік-энд праводзяцца на Падляшшы, што і выканаўцам, як і публіцы «хоць разарвіся», каб спрабаваць паспець і добра пагуляць пад славянскую ноту. Праграма апіраецца перш за ўсё на тутэйшых выканаўцах, вельмі заслужаных для развіцця роднай культуры, як і маладзейшых, новых. Публіка горнецца асабліва да роднай песні, выбіраецца на мерапрыемствы цэлымі шматпакаленнымі сем’ямі, едзе часам здалёк на беларускія фэсты і фестывалі. І на пару гадзін у цэнтр горада ці мястэчка снуюцца каляровыя госці, часам яшчэ прыхапіўшы парасоны. Так і было ў Бельску ў гэты час пасля поўдня. Спачатку краплісты дожджык прапаласкаў пляцоўку перад канцэртнай «ракавінай» перад беларускім белліцэем, не спалохаўшы публікі, якая да канца канцэрта запаўняла амфітэатр, звабленая гукамі песні і голасам вядучай — дырэктаркі Бельскага дома культуры Альжбеты Фіёнік, якая запрашала на апошняе пленэрнае мерапрыемства ў Бельску і на юбілей бельскага мужчынскага хору «Куранты», які меў адзначацца праз тыдзень. Была і літаратура, хоць неспадзявана мала аўтараў расклала свае выданні. (...) |