Ніва № 39 (3515), 24 верасня 2023 г.

Нічога не здарылася?

Міраслаў ГРЫКА

«Зялёную мяжу» рэжысёркі Агнешкі Холанд я яшчэ не глядзеў, але не ведаю, ці набяруся смеласці паглядзець гэтую карціну, калі яе нарэшце пакажуць у польскіх кінатэатрах. Да сённяшняга дня я бачу паліцэйскія шлагбаумы каля Нарвы, скрупулёзныя дагляды аўтамабіляў, упартае «чытанне» твараў людзей і сапраўднае паляванне ў лясах і палях на цемнаскурых уцекачоў. Выпадкова на такім пункце дапыталіся пра веданне польскай мовы, праўда, ад міжвольнага страху і... прыніжэння твар у мяне хутчэй збялеў, чым пацямнеў. Што ж, я зноў адчуў грамадзянскае бяссілле ў сваёй краіне, а таксама гнеў і адчай, якія выклікалі ў мяне абмежаванні ваеннага становішча, уведзеныя камандай Ярузельскага. Яго паўтарэнне праз шмат гадоў, то-бок увядзенне надзвычайнага становішча на Падляшшы, было, магчыма, менш балючым, менш разбуральным для сацыяльных адносін, але ў прынцыпе дасягала той жа мэты: прадэманстраваць волю ўлад і іх непавагу да грамадзян. Нішто не абавязвала ўрад выключыць значную частку Падляшша з пад канстытуцыйнай юрысдыкцыі. Тым больш, што ні мур, ні тысячы памежнікаў не здолелі спыніць міграцыі. І тады, і цяпер праз тэрыторыю Польшчы працякала хваля дзясяткаў, калі не соцень эканамічных і палітычных уцекачоў, якія накіроўваліся ў Нямеччыну ці Францыю. Кожны дзень. Некаторыя з іх, падманутыя нелюдзямі-кантрабандыстамі і закінутыя на чужыну, блукаюць па белавежскіх лясах і багнах. Многія з іх замерзлі або патанулі. Тым, каму (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF