Ніва № 38 (3514), 17 верасня 2023 г.
Эліза Ажэшка даступнаяМіра ЛУКШАПамятаеце? Ведаеце? То паслухайце. Гэтак пачыналася ў Беластоку 12-е выданне «Нацыянальнага чытання», завяршылася — па-беларуску (пераклад — першы — Анатоля Бутэвіча з 2003 года): Быў святочны летні дзень. Усё на свеце іскрылася, цвіло, пахла, спявала. Цяплом і радасцю праменілася валошкавае неба і залатое сонца; радасцю і замілаваннем патыхала зялёная збажына на палетках; радасць і разняволенасць услаўляў хор птушак і насякомых, што звінелі ў дрыготкім ад гарачыні паветры — над раўнінай, над невысокімі пагоркамі, у купках хвойных і лісцевых дрэў. З аднаго боку гарызонту боханы пагоркаў былі атулены цемнаватымі баркамі і гаямі; з другога — пясчаны бераг Нёмана ўзвышаўся над зялёнымі лугамі, а каронай дрымучага бору быў адрэзаны ад блакітнага неба; вялізнай падковай ён абдымаў шырокую і гладкую раўніну, на якой дзе-нідзе раслі дзікія патрэсканыя грушы, старыя скрыўленыя вербы, адзінокія гонкія таполі. Тым днём пранізаная сонцам пясчаная сцяна нагадвала жоўты абруч, перавязаны яркай стужкай чырвонага мергелю. На гэтым маляўнічым фоне можна было заўважыць размытыя адлегласцю абрысы вялікага панскага двара, а крыху воддаль і на адной з ім лініі рассыпалася колькі дзясяткаў меншых сядзіб. Гэта ў лукавіне рачнога берага ўдала размясціліся сялянскія хаты, абрысы якіх бачыліся з большых і меншых садоў. Над некаторымі стрэхамі ў празрыстае і нерухомае паветра цадзіліся прамыя, трохі кудзелістыя пасмы дыму; сям-там (...) |