Ніва № 38 (3514), 17 верасня 2023 г.
Дождж і грымоты, якія цягнуліся 18 гадзін!Ганна КАНДРАЦЮКНе трэба вайны, каб згінуць без следу, прытым у благой несвядомасці і самазадаволенасці. Пра тое, што 5 верасня г.г. у чарнаморска-балгарскім Прыморску будзе дождж, я ведала на два тыдні раней. І калі ноччу прыйшла страшэнная бура з перунамі, я толькі захаплялася трапнасцю прагнозу. Цэлы наступны дзень — працяглы лівень. Ды што там дождж — усё згодна з прагнозам! Трывожыў адно недахоп электрычнасці, якая абрывалася два-тры разы. Тады на зрок нахлынала счарнелае неба, якое эфектыўна рассвятлялі маланкі: жахлівая прыгожасць, якая наводзіла стан гіпнозу і зачараванасці! Ніякага страху, быццам зусім адключыліся інстынкт і інтуіцыя. Мабыць, такія пачуцці садзейнічалі першым гадзінам біблейскага патопу — навошта ўцякаць, стыхія сціхне, усё вернецца на свае кругі. Сёння здзіўляюся той абыякавасці і спакою. Той жахліва-прыгожы лівень цягнуўся безупынна васямнаццаць гадзін, а я не адчула ніякай трывогі. А калі ўрэшце спыніўся, зрабілася радасна на душы, хацелася нешта выпіць і заспяваць. І толькі на другі дзень я даведалася, што ў суседнім Царэве абрынуўся мост і патапіліся людзі. І што ў маім пансіянаце падтапіла кватэры на першым паверсе, а паколькі там не было людзей, усё адбылося без трывогі і крыку. Па сённяшні дзень не магу выйсці са здзіўлення — як такое магчыма! * * * У той самы дзень мае сваякі адправіліся ў Турэччыну, каб зведаць Стамбул. Я (...) |