Ніва № 37 (3513), 10 верасня 2023 г.
Рака НараўкаЯнка ЦЕЛУШЭЦКІМая вёска Новае Ляўкова Нараўчанскай гміны Гайнаўскага павета знаходзіцца непадалёк ад Белавежскай пушчы ды ад спакойнай ракі Нараўкі. Добра памятаю яе з часоў майго дзяцінства. Было гэта 60 гадоў таму. Якая была тады рака! Найлепш помню яе ў летнюю пару. Тады мы з братам Кастусём хадзілі лавіць рыбу і купацца ў рэчцы. Пад вечар па нядзелях на драўляны мост каля Падляўкова прыходзілі дзяўчаты і хлопцы з Новага Ляўкова, Лазовага, Падляўкова, Сушчага Барка і Ахрымоў. Рэчка Нараўка была тады акаймаваная зараснікамі вербалозу, чаромхі і парэчак. На яе берагах высіліся вольхі і вербы. Вада была чыстая-чыстая. У сонечны дзень відаць было жоўты пясок на яе дне і вадзяныя расліны. Было 5-6 відаў рыб і вадзіліся ракі. У кустоўі гнездаваліся птушкі. Прыляталі дзікія качкі. Калі над рэчкай было ціха, паказваліся малыя жоўценькія качаняты. У сонечны дзень было выразна відаць, як плоткі, акуні і іншая рыба плавалі статкамі або на момант выплывалі на паверхню вады за мухай або камаром. Каб налавіць плотак, акунёў, шчупакоў і язёў дастаткова было мець вуду і прынаду — чарвяка, пшытку або хлеб. Мы найчасцей хадзілі з вудамі ў г.зв. ралы, дзе ў Нараўку ўплывала рачулка Баброўка. Тут у пагодлівыя летнія дні мы праседжвалі да ночы. Вечарам , калі ад ракі дыхнула холадам, распальвалі вогнішча. Мае сябры лавілі рыбу рукамі з пад навіслых над вадою берагоў ды з пад кустоў вярбы і алешніку. Прыпомнілася мне мая першая рыбалка. (...) |