Ніва № 37 (3513), 10 верасня 2023 г.
Маштаб катастрофыУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧ1 верасня соткі тысяч беларускіх школьнікаў зноў пайшлі ў школы Беларусі. У пачатку гэтага месяца тысячы юных грамадзян краіны, якія былі змушаны выехаць разам з бацькамі з роднай зямлі, таксама пайшлі ў школы Польшчы, Літвы, Грузіі, ды іншых краін, куды закінуў іх лёс. З агульнай колькасці беларускіх школьнікаў у гарадах толькі дзясяткі дзяцей будуць навучацца па-беларуску. Колькі іх на роднай мове будуць адукоўваць у вёсках, дзе як рэлікты захаваліся беларускія школы, сказаць цяжка. Упэўнена можна сцвярджаць толькі, што колькасць і якасць такіх школ катастрафічна зніжаецца. Адкрываючы адну з новых школ у Гродне (канешне рускамоўную) прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка адкрыта агучыў наступныя лічбы: за два гады ў краіне закрылі ажно 102 (!) сярэднія школы. Статыстыка такая: на 1 верасня 2021 года ў Беларусі іх было 2967, а на 1 верасня 2023 года — толькі 2865. Сотку школ за пару гадоў нібы карова языком злізала. Тут патрэбна невялікае тлумачэнне, бо ў рэальнасці іх закрылася яшчэ больш. Зразумела, што ў вялікіх гарадах школы не зачыняюцца, а наадварот будуюцца і ствараюцца новыя. Знікаюць школы менавіта ў вёсках, і гэта якраз беларускамоўныя школы. Вёскі і мястэчкі спакваля і паслядоўна выміраюць фізічна, цягам нашага жыцця мы назіраем гэтую дэмаграфічную катастрофу. Просты прыклад. Калі сорак гадоў таму я скончыў сваю сярэднюю беларускамоўную школу ў Шчучынскім раёне, у ёй (...) |