Ніва № 34 (3510), 20 жніўня 2023 г.
Зямля неабяцаная (ч.ІІІ)Зміцер БАРТОСІКЗахавальніца памяці. Па вайне з тэрыторыі БССР у ПНР выехала каля трохсот тысяч чалавек. Як палякаў, так і людзей, якія запісаліся палякамі, толькі каб вырвацца за савецкую мяжу. Колькасна гэты польскі сыход у нечым нагадвае беларускі сыход 2020-га і наступных гадоў. Але ці толькі колькасна? Няўжо той пераезд з „крэсаў усходніх” на землі „одзысканэ” прайшоў без траўмаў? Я патэлефанаваў у Ольштын пані Ёлянце і атрымаў сардэчнае запрашэньне ў госьці. Гэтая паездка ўяўлялася мне звычайнай вандроўкай выходнага дня. З кароткім візытам ветлівасьці і доўгім шпацырам па сталіцы Варміі. Але атрымалася ўсё наадварот. Увесь час пайшоў на размову з чалавекам, які ў Беларусі нават не нарадзіўся. Але якая не адпускае так, як можа не адпускаць Бацькаўшчына. Гісторыі і паданьні сваёй сям’і пані Ёлянта захоўвае ў памяці і распавядае з пэўнасьцю сьведкі. Напрыклад пра тое, як прымусовая зьмена царквы дапамагла матэрыяльна. — Бабуля паходзіла са шляхецкай сям’і. Гэта была спаланізаваная беларуская шляхта, бо адвеку жылі на Браслаўшчыне. У доме размаўлялі па-польску. Лічылі сябе палякамі. Але яны не былі этнічнымі палякамі. Можа, мой бацька — паляк. Але яго продкі пераехалі ажно напачатку 18-га стагодзьдзя. Мая бабуля гаварыла па-беларуску. Ня ведала расейскай да сібірскай высылкі і ніколі не хацела гаварыць па-расейску. І распавядала, што яе дзеду, майму прапрадзеду, у часе ліквідацыі Уніі зьмянілі прозьвішча. З (...) |