Ніва № 34 (3510), 20 жніўня 2023 г.
Вершаўчытальня Андрэя СЦЕПАНЮКА (65). НародАндрэй СЦЕПАНЮК«Гісторыя кожнага народа пазначаная крыжамі...», — такімі словамі пачынаўся апошні абзац папярэдняй «Вершаўчытальні». І ў наступнай да крыжа трэба вярнуцца. Без сумневу нагодай да таго стала асвячэнне помніка на магіле святой пакутніцы Марыі Петручук на могілках у Малешах. У сонечную нядзелю 30 ліпеня, дзякуючы велізарнай і напружанай працы адданых справе людзей з ініцыятывы «Наша памяць», быў споўнены яшчэ адзін доўг перад трагічна загінулымі ў пасляваенны час нашымі продкамі. Доўга чакалі яны таго, каб хтосьці пачуў іх голас, доўга чакалі іх сем’і годнага ўшанавання сваіх блізкіх. Многа асоб з тых жа сем’яў таго не дачакалася. Але на шчасце ёсць ужо месцы, дзе можна пайсці і ў цішыні надмагільных дрэў задумацца над тым, чаму так сталася, што ажно пасля некалькіх дзясяткаў гадоў трагічна загінулыя былі ўшанаваны так, як належыць гэта кожнаму годнаму чалавеку. Не магу толькі надалей зразумець аднаго: чаму некаторым асобам, з так званага праваслаўнага асяроддзя, надалей не праходзіць праз горла назваць тых жа людзей, цяпер ужо святых Падляшскай зямлі, беларусамі. Таго проста зразумець не магу, і здаецца ўжо не зразумею... чырвоная пляма ў вачах вызначае дарогу якая вядзе на магілу вазакоў на бельскіх могілках ваенных ці вайсковых а можа савецкіх пляма стаіць у вачах і чакае калі павернеш галаву яна пакажа дарогу ў Залешаны там ігумення Кацярына (...) |