Ніва № 31 (3507), 30 ліпеня 2023 г.
Бязмежныя культурныя Бацікі-ПярэдніяМіра ЛУКШАПа-мясцоваму — Бацікі-Пэрэдні. Вёска Бацікі-Бліжэйшыя — вёска ў Падляшскім ваяводстве Сямятыцкага павета. Па даных агульнапольскага перапісу насельніцтва і жыллёвага фонду 2021 года, насельніцтва вёскі Бацікі-Бліжэйшыя складае 314 (павялічылася) чалавек, з іх амаль па палове жанчын і мужчын. У вёсцы пражывае 5,5% жыхароў Сямятыцкай гміны. Бацікам-Бліжэйшым больш за 600 гадоў. Гэтыя ваколіцы — паміж Берасцейскім паветам Берасцейскага ваяводства ВКЛ ды Мельніцкага павета Падляшскага ваяводства Каралеўства Польскага. Вёска, распаложана на Мельніцкай зямлі, у 1795 годзе ўваходзіла з фальваркам у склад сямятыцкага ключа княгіні Анны Ябланоўскай — першыя згадкі: 1469 год. Бацікі згаданы тады як Баціковічы. Ужо пад канец XV ст. свой маёнтак тут мела сям’я Шчытоў, будучых уладальнікаў Шчытоў і Чартаева. Пасля Бацікі перайшлі ў рукі Ірыковічаў (у палове XVІ ст. пражываў тут Іван Ірыковіч, мельніцкі стараста, які разбудаваў сядзібу). У палове XVІ ст. маёнтак Бацікі налічваў 72 валокі зямлі і 8 млыноў. Ужо ў 1580 г. Бацікі падзяляліся на Сярэднія (Пятрова), Заднія (Панасова) і Пярэднія — Бліжэйшыя (Ільяшова). У першай палове XVІІ ст. была пабудаваная новая драўляная сядзіба (праіснавала па 1975 г.). Да 1668 г. праз шлюб Ганны Ірыковіч Бацікі прайшлі ў рукі Збігнева Асалінскага, драгічынскага старасту, што абазначала заняпад Бацікаў (цэнтр падляшскіх маёмасцей Асалінскіх размяшчаўся ў Цеханоўцы). (...) |