Ніва № 31 (3507), 30 ліпеня 2023 г.
Мяжа, якая аддаляеУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧЗа 35 апошніх гадоў сітуацыя на беларуска-польскай мяжы мянялася дзясяткі разоў — ад амаль поўнай яе адкрытасці да амаль абсалютнага закрыцця. Нават здзіўляюся, што ніхто з навукоўцаў дагэтуль не ўзяўся напісаць на гэтую тэму грунтоўную даследніцкую працу. Балазе, жывых сведак гэтай сумежнай трансгранічнай дынамікі не бракуе, а тым больш у многіх грамадзян Беларусі, як жартуюць яны самі, палова жыцця прайшла менавіта на гэтай мяжы. 35 гадоў таму, пасля падзення жалезнай заслоны сацыялізму, беларусы па абодва бакі граніцы сталі адкрываць для сябе сумежную зямлю і яе насельнікаў. Гарадзенцы ездзілі ў Беласток, беластачане ў Гародню, знаёміліся, наведвалі разам памятныя мясціны і цікавых людзей. Такім чынам завязваліся сяброўскія стасункі на дзесяцігоддзі. Але кануў у Лету той блаславёны час, калі на гарадзенскім чыгуначным вакзале за долар у эквіваленце можна было купіць так званы ваўчар і ўжо менш чым праз гадзіну апынуцца ў Кузніцы. Чыгуначнае спалучэнне сёння падаецца ўвогуле нечым неверагодным. А былі ж гады, калі можна было без адзінай перасадкі сесці ў абед у вагон на гарадзенскім чыгуначным вакзале і выйсці з цягніка ранкам наступнага дня ў Шчэціне. Цяпер часта людзям гэты час патрэбен толькі на тое, каб пераехаць няшчасныя сумежныя 20 кіламетраў. А легендарныя Брузгі, перафразуючы класікаў, сталі апошняй кропкай, аб якую разбіваюцца хвалі Атлантычнага акіяна. Няма ўжо і следу ад (...) |