Ніва № 29 (3505), 16 ліпеня 2023 г.
Супрасльскі кодэксАляксандр ВЯРБІЦКІУ канцы лістапада мінулага года Управа Падляшскага ваяводства — па прапанове беластоцкага архіепіскапа Якава — абвясціла 2023 год годам Супрасльскага кодэксу. З Вікіпедыі: «Супрасльскі кодэкс (польск.: Kodeks supraski, славенск.: Supraseljski kodeks), Супрасльскі рукапіс, Супрасльскі зборнік, Супрасльская мінея — помнік раннеславянскай літаратуры XI стагоддзя, найвялікшы стараславянскі кананічны рукапіс, які захаваўся да нашых дзён. У 2007 годзе ЮНЕСКА ўключыла рукапіс у спіс «Памяць свету». Кодэкс змяшчае мінею на сакавік, якая перасякаецца з рухомым цыклам Пасхі. Таксама прыведзеныя 24 жыціі святых, 23 гаміліі і адна малітва, большасць з якіх напісаны або прыпісваюцца Іаану Златавусту». Рукапіс паходзіць з Балгарыі і, як мяркуюць даследчыкі, быў напісаны ў Х або ХІ стагоддзі. Рукапіс складаецца з 285 старонак, якія сёння знаходзяцца ў трох розных месцах. Рукапіс быў знойдзены ў 1823 годзе ўраджэнцам Вулькі-Выганоўскай Міхалам Баброўскім у манастырскай бібліятэцы ў Супраслі. Ад мясцовасці яго знаходкі і пайшла яго назва. Як і калі ён трапіў у Супрасль — невядома. У 1838 годзе Баброўскі паслаў другую частку сваёй знаходкі славенскаму даследчыку славянскай даўніны Барталамею (Ернею) Копітару, у Вену, дзе Копітар працаваў; Копітар яе спісаў і вярнуў Баброўскаму. А ў 1840 годзе Баброўскі паслаў Копітару 118 старонак першай часткі Кодэксу. Па афіцыйна невядомых прычынах Копітар яе не вярнуў. (...) |