Ніва № 28 (3504), 9 ліпеня 2023 г.
Памежны станУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧЛюдзі нашай эпохі знаходзяцца ў стане пастаяннага і нарастаючага стрэсу. Выклікі дваццаць першага стагоддзя, як то паскарэнне жыцця, тэхналагічны прагрэс, рост электроннай дыктатуры, уладная бюракратыя, фальшывасць рэкламы, ды іншае, заганяюць чалавека ў стан нервовасці, спешкі, вінаватасці, а ўрэшце памежнага стану ад нармальнасці самаадчування да дэпрэсіі. На гэтай псіхалагічнай мяжы знаходзіцца хіба абсалютная бальшыня людзей нашай агульнаеўрапейскай цывілізацыі. Для беларусаў час з 2020 года пераўтварыў больш-менш звыклае і нармальнае жыццё ў фізічнае, псіхалагічнае і маральнае выжыванне, а для некаторых — у сапраўднае пекла на зямлі. Бальшыня суайчыннікаў знаходзіцца менавіта на такім памежным стане — адны ў турмах і катавальнях, дзе пытанне жыцця і смерці — не фігуральны абарот мовы, а жорсткая рэальнасць, іншыя на адноснай волі ў стане прыгнечанасці і чакання нечага горшага, трэція на выгнанні, адарваныя «ад родных ніў, ад роднай хаты», без магчымасці ўбачыцца з блізкімі людзьмі. Многія за апошнія гады не змаглі нават развітацца са сваякамі, якія адышлі ў іншы, хочацца верыць, лепшы свет. Тыя, хто на свабодзе, імкнуцца ратавацца ўсялякімі спосабамі — хто скіроўваецца да псіхатэрапеўтаў, хто ідзе ў храм з малітвай, хто шукае суцяшэння на дне бутэлькі. Па вялікім рахунку бальшыні не дапамагае нічога. Гэта адчуваецца ў зносінах і размовах з людзьмі — як з тымі, што надалей у Беларусі, так і з (...) |