Ніва № 28 (3504), 9 ліпеня 2023 г.
ІІ Фестываль беларускай традыцыі «Сонцаграй»Аляксей МАРОЗДругі выпуск Фестывалю беларускай традыцыі «Сонцаграй», які арганізуе Фонд «Тутака», завяршыўся 24 чэрвеня фінальным мерапрыемствам на пляжы Семяноўскага вадасховішча каля Бандароў. Прагучалі даўнія песні і музыка, адбыліся шматлікія майстар-класы, а сустрэча закончылася купальскім абрадам і танцамі. Адной з галоўных адметнасцей фіналу быў удзел у ім вялікай колькасці маладых эмігрантаў, якія вымушаны былі ўцякаць з Беларусі ў Польшчу. Прыбылі яны на фінал фестывалю з Беластока, Варшавы і іншых мясцовасцей. Канешне, сярод публікі былі беларусы Беласточчыны і турысты з розных бакоў Польшчы, якія адпачывалі на Семяноўскім вадаёме. Фінальную сустрэчу адкрылі Зміцер Косцін з Фонду «Тутака», арганізатар Фестывалю «Сонцаграй» і яго суарганізатар бургамістр Міхалова Марк Назарка. Звярнуў ён увагу на патрэбу захавання традыцыі і культуры продкаў, чаму садзейнічаюць прэзентацыя на сцэне даўніх песень, музыкі і майстар-класы. Аліна Дэмбоўская запрэзентавала традыцыйны ручнік і правяла майстар-класы па выконванні на сумках народных узораў. Ірына Мазюк вучыла плесці беларускія паясы. Адзначыла яна, што маладыя жыхары Беларусі вяртаюцца да традыцыі, удзельнічаюць у фальклорных экспедыцыях. Пра гэта гаварыла мне таксама дзяўчына, якая ўдзельнічала ў мерапрыемстве. — Жывучы ў Беларусі, мы з сябрамі ездзілі ў экспедыцыі, запісвалі ад старажылаў даўнія песні і абрады. Я была вымушана выехаць (...) |