Ніва № 27 (3503), 2 ліпеня 2023 г.
Успамінаю Міхася ХмялеўскагаЯнка ЦЕЛУШЭЦКІПазнаёміліся мы — я і журналіст «Нівы» Міхась Хмялеўскі — паўвека таму. Я тады вучыўся ў Агульнаадукацыйным ліцэі ў Гайнаўцы і быў карэспандэнтам «Нівы». Міхась Хмялеўскі чытаў карэспандэнцкія допісы ў рэдакцыі і рыхтаваў іх у друк. Адзін раз у год быў з’езд ніўскіх карэспандэнтаў у будынку рэдакцыі або Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку. Тады самыя актыўныя супрацоўнікі роднай газеты атрымлівалі ўзнагароды галоўнага рэдактара. Карэспандэнтаў было паўсотні. Былі яны ў розным узросце і з розных бакоў нашай краіны. Сустрэчы з нагоды з’езду вёў Міхась Хмялеўскі. На іх было цікава. Былі парады шматгадовых журналістаў, між іншым, як і дзе шукаць тэмы да напісання ды і як пісаць, каб заахвоціць чытача да прачытання таго ці іншага артыкула. З тае пары прайшло крыху часу і мне пашчаслівілася працаваць журналістам у рэдакцыі «Нівы». У свой рэдакцыйны пакойчык прыняў мяне вопытны журналіст Міхась. Мы разам ездзілі ў камандзіроўкі на ўласнай аўтамашыне Міхася. Адзін раз мы былі з Міхасём у яго роднай драўлянай хаце ў Паўночным Востраве. Запамяталася яна мне невялічкай, утульнай і з зёлкамі на адной сцяне. Тады ў ёй яшчэ жылі старэнькія Міхасёвы бацькі. Захаваўся ў маёй памяці ярчэйшы вобраз Міхасёвага бацькі і размова з ім. Было гэта цёплым летам. І мы — я, Міхась і галоўны рэдактар Георгій Валкавыцкі — пад’ехалі да тамашняй у ваколіцы прыгожай, паўнаводнай рэчкі. (...) |